АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,
устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл. Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.
т. 2, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)